Берасце: аддзяленні супрацьтуберкулёзнага дыспансэра перапрафілявалі ў інфекцыйныя



У інфекцыйныя аддзяленні былі перапрафіляваныя адразу два аддзяленні супрацьсухотных дыспансэраў у Берасці. Такую інфармацыю агучыла галоўная лекарка медыцынскай установы Святлана Крапівіна.

Пад назіранне трапяць патэнцыйна хворыя на каронавірус і іх кантакты да таго моманту, пакуль не будзе пастаўлены афіцыйны дыягназ. З Берасця перадае наш карэспандэнт:

– У першую чаргу новыя ложкі будуць разлічаныя на тых, хто мае станоўчы тэст на COVID-19 ці быў кантактам першага або другога роўня. Лекары тлумачаць такія дзеянні неабходнасцю аказання даступнай медыцынскай дапамогі.

Частка пацыентаў з сухотамі будзе перанакіравана ў Камянецкі раён, у лякарню Вярховічы. Запланаваны пераезд мінімум 10-15 — максімум 9 дзясяткаў хворых.

Згодна папярэдняй інфармацыі, у Берасцейскай вобласці пакуль дастаткова месцаў у інфекцыйных аддзяленнях для хворых на каронавірус. Аднак у сувязі з павелічэннем у рэспубліцы станоўчых тэстаў на COVID-19 штодня на 15-20 працэнтаў, праз некалькі тыдняў можа ўзнікнуць дэфіцыт.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота vb.by