Берасце і Гародню злучылі ў адну бязвізавую зону
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №300 “Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян”. Пра гэта паведамляецца на сайце president.gov.by.
Паводле ўказу, ранейшыя бязвізавыя зоны для турысцка-рэкрэацыйных тэрыторый Берасця і Гародні злучаць у адну бязвізавую тэрыторыю пад назвай “Берасце-Гародня”.
“Гэта не можа не цешыць”, – зазначаюць адмыслоўцы ў сферы турызму:
– Добрыя навіны, што нашыя заходнія бязвізавыя зоны Гародню і Берасце абяцаюць аб’яднаць. Калі гэтыя дзве зоны аб’яднаюць, то можна будзе скласці больш разнастайныя маршруты. Можна будзе прыехаць у Беларусь праз Гародню і потым, напрыклад, спакойна праз Белавежскую пушчу даехаць да Берасця. Гэта будзе значна прасцей і цікавей.
У гэтым рэгіёне тэрмін бязвізавага знаходжання павялічаны да 15 сутак. Дадалося і раёнаў, якія можна будзе наведаць па “бязвізу”: Бераставіцкі, Ваўкавывыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі раён Гарадзеншчыны. Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнай публікацыі.
Беларускае Радыё Рацыя