Берасце можа ўвайсці ў бязвізавую зону Белавежскай пушчы



Рашэнне пра ўключэнне Берасця ў бязвізавую зону Белавежскай пушчы плануецца прыняць да канца года, паведаміў сёння журналістам міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

„Бязвізавы рэжым сёння дзейнічае для гасцей Белавежскай пушчы, Аўгустоўскага канала і горада Гародня. Мы сёння бачым, як трэба прасоўвацца і што трэба рабіць для развіцця гэтых рэгіёнаў. Працоўная група аналізуе сітуацыю па Гародні, якая ўключана ў бязвізавую зону Аўгустоўскага канала, каб зрабіць найбольш спрыяльнымі ўмовы для наведвання Берасця.

Акрамя таго, у бязвізавую зону могуць быць уключаны Камянецкі, Жабінкаўскі і Берасцейскі раёны. Пры гэтым Аляксандр Шамко звярнуў увагу, што для прыцягнення турыстаў недастаткова толькі ўвядзення бязвізавага рэжыму. „Трэба разумець, што бязвізавы рэжым – гэта не панацэя, а адзін са складнікаў для развіцця турызму, прасоўвання турыстычных магчымасцяў”, – лічыць міністр.

Для прыцягнення турыстаў на тэрыторыі нацпарка „Белавежская пушча” дзейнічае 17 турыстычных маршрутаў. Пачаты работы па стварэнні археалагічнага музея пад адкрытым небам. Сумесна з польскім бокам па міжнародным праекце „Еўрарэгіён” Белавежская пушча” створаны тры трансгранічныя маршруты, уладкаваныя экалагічныя сцежкі, прапануюцца паляўнічыя туры. Для замежнікаў ёсць 80 аўдыягідаў на англійскай, нямецкай, французскай мовах.

Фота bptrip.ru