Берасце ў асноўны дзень галасавання (абнаўляецца)
Берасцейскі выбаршчык без белага браслета, але які кажа, што супраць дзейснай сітуацыі ў Беларусі, пакінуў свой голас на выбарчым участку ў школе №23.
Па яго словах, ён арыгінальна склаў бюлетэнь:
– Я зрабіў гэта, склаў бюлетэнь шмат разоў, каб ён крыху адрозніваўся ад астатніх.
РР: Вы схадзілі на выбары і прагаласавалі, вы верыце ў тое, што ваш голас улічаць?
– Шчыра кажучы, упэўненасці гэтай няма, але тут важна, каб яны таксама ведалі, што ў грамадстве ёсць людзі, якія супраць дзеючай улады.
«Заўважна, што на участкі для галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Берасці цягнуцца людзі, але ў першай палове дня пераважна сталага веку. Моладзі пакуль было няшмат», – кажуць назіральнікі.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Некаторых берасцейскіх назіральнікаў па-ранейшаму не пускаюць на выбарчыя ўчасткі, як, напрыклад, на ўчастках №29 і №30, што знаходзяцца ў будынку Гімназіі №2.
Там, на рыбацкім зэдліку, ад 8:00 раніцы наўпрост перад брамай установы адукацыі ў 25 метрах ад уваходу ў будынак размясціўся назіральнік Міхаіл ад кампаніі «Честные люди»:
– На ўчастку 5 назіральнікаў. Я акрэдытаваны 11. Прыйшоў адразу на апячатванне скрыняў. Мне сказалі, што, на жаль, я не магу знаходзіцца на ўчастку. Я стаў побач з уваходам. Прастаяў хвілін 15. Затым выйшла старшыня камісіі і сказала, што дырэктар гімназіі папрасіў мяне пакінуць тэрыторыю гімназіі.
Да назіральніка падышоў і чалавек з белым бранзалетам на руцэ, які завёў размову з ім:
– Пускаюць вас на тэрыторыю гімназіі.
– На тэрыторыю не пускаюць. Я пакуль у туалет не прасіўся.
– Вось 6 пад’езд, 5 паверх. Без праблем. Не саромейся.
– Дзякуй.
РР: Вы падышлі да назіральніка, я так разумею, хочаце яму нечым дапамагчы.
– Так.
РР: Знак салідарнасці?
– Зразумела, салідарнасці.
РР: Самі пойдзеце сёння галасаваць?
– Я ўжо прагаласаваў.
РР: І з выбарам вы даўно вызначыліся?
– Так.
Агулам на тэрыторыі Маскоўскага раёна Берасця, дзе і месціцца гімназія №2, сфармавана 89 участкаў для галасавання на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па назіраннях Міхаіла, ад 08:00 да 10:00 зайшло ў школу каля 100 чалавек. З-за таго, што малады чалавек знаходзіцца па-за межамі ўчастка, ён не можа дакладна сказаць, ці ўсе з іх былі выбаршчыкамі.
***
Берасцейцы рыхтуюцца да асноўнага дня галасавання на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
З аднаго боку яны сутыкнуліся з нядопускам назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі пад час датэрміновага галасавання і затрыманнямі актывістаў. З другога боку сям там людзі вывешваюць бел-чырвона-белыя сцягі і спяваюць песню гурта «Кино» «Перемен» наўпрост на вуліцы Савецкай:
– На якой падставе вы мяне затрымліваеце? Што я здзейсніў?
– Мы дадзім яму позву.
– Усё. Я па позве затым прыйду.
У асноўны дзень галасавання ўчасткі адчыняюцца ў 08:00 і будуць працаваць да 20:00 гадзіны. Якім чынам будуць развівацца падзеі ўвечар пасля выбараў эксперты дакладна не прагназуюць і прадстаўляюць розныя імаверныя варыянты.
Беларускае Радыё Рацыя