Берасце: Не заводу! Лемяшэўскага “на нары”! (абноўлена)



Па інфармацыі прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ, стала вядома, што неўзабаве пачне працу камісія па ягонай прыёмцы. Падрабязней пра гэта кажа сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Бекалюк:

– Мы атрымалі афіцыйны дакумент, што прыёмная камісія пачынае работу 11 красавіка і закончыць яе 21 красавіка. Пра што гэта гаворыць? Ізноў жа – пра фармальны падыход. Такое прадпрыемства першае ў Беларусі. І прымаецца ўсяго за дзесяць дзён.

„Праціўнікі запуску завода АКБ настроены рашуча і заяўляюць пра працяг барацьбы са шкоднай вытворчасцю, нягледзячы на правакацыі і рэпрэсіі”, – заявілі сябры ініцыятыўнай групы.

* * * 

Каля 300 чалавек сабраліся на „кармленне галубоў” і шэсце ў знак пратэсту супраць запуску акумулятарнага завода „АйПаўэр” пад Берасцем.

Гэтым разам мерапрыемства традыцыйна пачалося на берасцейскай плошчы Леніна, але скончылася ля ЦУМа. Адметнасцю акцыі сталі лозунгі, якія агучвалі пратэстоўцы: „Нет заводу!” і „Лемяшэўскага“на нары!”, а таксама абмеркаванне справы „пра выбухоўку” Майсея і Дзяніса Мазько:

– Вельмі хочацца жыць у экалагічна чыстым месце. Берасце мы вельмі любім. І хочацца, каб усё ў нас было добра. Гэта амаль святы чалавек, які мае такую добрую рэпутацыю. Такога не проста не можа быць, а такога не можа быць увогуле! Нават падумаць пра такое немагчыма. Таму мы лічым, што гэта правакацыя.

– Тыя людзі, якія сёння прыйшлі, прыйшлі падтрымаць актывістаў, якія пацярпелі за апошнія дні ад свавольства нашых сілавікоў.

– Не заводу! Не заводу!

– Лемяшэўскага “на нары”!

Нядзельнае „кармленне галубоў” разам з шэсцем доўжылася каля 1,5 гадзін. За ўдзельнікамі мерапрыемства назіралі і фіксавалі на відэакамеры прадстаўнікі Ленінскага РАУС і невядомыя асобы ў цывільным.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце