Берасце: працяг судоў над праціўнікамі акумулятарнага завода



Ужо сёння, 12 траўня, у Берасці працягнуцца суды над праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода. Пройдуць судовыя паседжанні над Уладзімірам Марозам, Віталём Казаком, Канстанцінам Астапуком і Уладзімірам Дземенціюком. Неведомым застаецца час суда ў Валерыя Фамінскага, — распавёў грамадскі дзеяч Зміцер Бекалюк:

– Сітуацыя з затрыманнямі, якія былі на мінулым тыдні, і лік якіх пайшоў на дзясяткі, сёння выйшла на фінальную стадыю. На дадзены момант ужо палова горада выступае супраць гэтага завода. Будуць людзі, якія адсядзелі суткі за адміністрацыйныя правапарушэнні і пакараныя штрафамі. Такое ўражанне, што дзяржаве проста не хапае грошай на перадвыбарную кампанію, і яна павінна фінансавацца.

Першае паседжанне адбудзецца над Уладзімірам Дземенціюком аб 11-ай гадзіне ў кабінеце 377. Суд над Уладзімірам Марозам і Канстанцінам Астапуком пачнецца а 14.30 у тым жа памяшканні. Суд над Віталём Казаком пройдзе ў той жа час толькі ў кабінетах 279/280.

Нагадаем, што 11 траўня па трыццаць базавых велічыняў было прысуджана Алегу Вялаву і Дзянісу Малышэнку, сорак  базавых Юрыю Калько, пятнаццаць сутак Сяргею Пятрухіну.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце