Берасце рыхтуе валанцёраў
У Берасці стартуе грамадская кампанія «Будзь валанцёрам!». Яе асноўным ініцыятарам выступіла агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. У межах першага этапу запланавана правядзенне “Школы валанцёрства” для шэрагу грамадскіх арганізацый, распавяла адная з галоўных каардынатараў кампаніі “Будзь валанцёрам!” Алена Каховіч:
– У Берасці ёсць шмат мерапрыемстваў, у тым ліку культурнага кшталту, а больш дабрачыннага. І многія людзі, якія пішуць каментары да артыкулаў, заўважаюць, што таксама хацелі б дапамагчы, але позна даведаліся ці ўвогуле не ведалі, як гэта зрабіць. І вось мы, у прыватнасці “Дзедзіч”, вырашылі зрабіць такі праект, каб сабраць такіх людзей, адукаваць іх, а пасля накіраваць у тыя арганізацыі, якія ім больш спадабаюцца.
“Валанцёрства для моладзі – гэта не проста добрыя справы, а гэта ў першую чаргу новы і карысны вопыт”, – дадала Алена Каховіч.
У кампаніі “Будзь валанцёрам!’’ плануюць прыняць удзел арганізацыі такіх напрамкаў, як культурніцкія, экалагічныя, дабрачынныя, спартовыя. Агулам на першым этапе запланаваны чатыры трэнінгі для валанцёраў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота dolua.org