Берасце: суд па справе будаўніцтва акумулятарнага завода (абноўлена)
Берасцейскі абласны суд не задаволіў касацыйныя скаргі ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.
Пра гэта паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які сачыў за хадой разбіральніцтва і не губляе надзеі на станоўчыя вынікі ў будучыні:
– Я спадзяюся, што вынік будзе пазітыўны з усіх гэтых судовых разбіральніцтваў, але на праблему трэба глядзець шырэй. На сённяшні дзень мы бачым, што нашыя дзяржаўныя кіраўнікі пайшлі шляхам здрады інтарэсаў свайго народу. Калі няма крэдытаў, яны пайшлі шляхам размяшчэння шкодных для здароўя заводаў.
Кажа блогер і градмаскі актывіст Аляксандр Кабанаў:
– Прадстаўнікі “IPOWER” не змаглі растлумачыць многія моманты, таксама як і прадстаўнікі райвыканкаму. Адзін з самых важных момантаў: аказваецца, ёсць тры справаздачы па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Да пасяджэння ўсе думалі, што ёсць дзве справаздачы, і яны ўсе розныя. Адна была размешчана на сайце райвыканкама, дзве – на руках у прадстаўніка “IPOWER”, але тры ёсць у суддзі. Як з’явіліся гэтыя тры справаздачы, растлумачыць ні райвыканкам, ні “IPOWER” не змаглі.
Касацыйныя скаргі былі датычныя рашэння Суда Маскоўскага раёна Берасця ад 27 сакавіка, адносна пазову да Берасцейскага райвыканкаму і кампаніі “IPOWER”.
“Будзем надалей абскарджваць гэтыя прысуды і інфармаваць грамадскасць аб выніках”, – зазначылі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце