Берасце: Супрацоўнікі міліцыі расшуквалі актывістаў напярэдадні Дня Волі



Напярэдадні Дня Волі супрацоўнікі міліцыі актыўна цікавіліся грамадскімі актывістамі. 

“Берасцейская Вясна” паведамляе, што напярэдадні гарадскія ўлады адмовілі мясцовым актывістам у правядзенні святочнага пікетавання з нагоды Дня Волі. Але некаторыя прадстаўнікі апазіцыі заявілі, што яны ўсё ж ускладуць у гэты дзень кветкі да помніка 1000-годдзя Берасця.

Мабыць таму ўчастковы Селяйковіч расшукваў грамадскага актывіста Алеся Абляка, каб уручыць позву і запрасіць яго на 25 сакавіка ў пастарунак ўуякасці сведкі чамусьці на 14 гадзін. Але Абляк выехаў да бацькоў у іншы горад.

Ёсць меркаванне, што міліцыя не хоча, каб Алесь сваёй прысутнасцю падтрымаў грамадскага актывіста Віталя Казака, якому суддзя Семянчук прызначыў разгляд справы на 25 сакавіка на 14 гадзін.

А ў Бярозе супрацоўнікі міліцыі намагаліся папсаваць святочны настрой грамадскаму актывісту і блогеру Аляксандру Кабанаву, які днямі быў узнагароджаны нацыянальнай прэміяй у галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.

Яны зладзілі ператрус у вёсцы Сошыша па месцы жыхарства блогера.

Фота: „Берасцейская Вясна”