Берасцеец: У Беларусі ўвогуле дзяцей мець нельга



Кватэра ў добрым мікрараёне з некалькімі пакоямі, стабільны і высокі заробак, магчымасць даць якасную адукацыю для дзяцей.

Пры такіх умовах апытаныя на цэнтральных вуліцах Берасця грамадзяне гатовыя нараджаць больш за адно дзіця. У сваім навагоднім звароце кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць папулярызацыі сямейных каштоўнасцяў. Ён адзначыў, што за 2014 год нарадзілася на сем тысяч дзяцей больш, чым пазалетась.

Апытаныя беларусы сумняюцца, што змогуць пабіць сёлета рэкорд нараджальнасці ў сувязі з чарговым сацыяльна-эканамічным крызісам у краіне:

– У нашай Беларусі ўвогуле дзяцей напэўна мець нельга, бо сам сябе не пракорміш, не кажучы ўжо пра дзяцей.

– Калі разлічваць толькі на свае сілы, канешне ідэальная колькасць – тры асобы, і гэта так павінна быць.

– Цяпер у сувязі з цяжкай эканамічнай сітуацыяй, я думаю, адно дзіця. Я маю на ўвазе, што сям’і патрэбныя сродкі, бо вельмі цяжка выхоўваць двух дзяцей сыходзячы з сацыяльнага становішча.

Многія людзі больш сталага ўзросту ўпэўненыя, што ў сям’і павінна быць не менш за трое дзяцей. А некаторыя маладыя бацькі задумваюцца над тым, ці варта нараджаць нават адно дзіця – ў сувязі з эканамічнай сітуацыяй у краіне.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце