Берасцейку будуць судзіць за палітызацыю снегавіка



Споўніўся год, як берасцейцы пратэстуюць супраць акумулятарнага завода, што будуецца непадалёк горада. 5 студзеня актывісты кампаніі супраць будаўніцтва прыехалі да завода, каб адзначыць гэтую падзею. Некаторыя ўзялі з сабой дзяцей, а тыя зляпілі снегавікоў.

Для берасцейкі Юліі Нічыпарук лепка снегавікоў скончылася адміністратыўным пратаколам, яго склалі ў міліцыі Берасцейскага раёна. 30 студзеня жанчыну будуць судзіць.

«Нашы дзеці зляпілі снегавіка, мы дапамаглі ўпрыгожыць. За гэта мяне выклікалі ў міліцыю і склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

У пратаколе напісана, што на сярэдняй частцы снегавіка размешчана ўлётка, на верхняй – налепка. Я лічу, што гэта абсурд. Зараз цікава будзе паглядзець, чым усё гэта скончыцца ў судзе,» — сказала «Белсату» Юлія Нічыпарук.

Белсат