Берасцейшчына адзначае 90-годдзе Таварыства інвалідаў па зроку
Ва ўсіх гарадах ды раёнах Берасцейскай вобласці адзначылі 90-годдзе старэйшай беларускай арганізацыі – Таварыства інвалідаў па зроку. Цяпер ідзе падрыхтоўка да завяршальнага агульнаберасцейскага канцэрта ў Абласным грамадска-культурным цэнтры. Пасля Берасця будзе Менск, дзе ў лістападзе, з нагоды юбілею, адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства.
Старшыня Берасцейскага абласнога таварыства інвалідаў па зроку Ірына Юрэня адзначае, што ў сувязі з 90-годдзем застаецца ўхіл на традыцыі:
– Увага сканцэнтравана на фальклорнай творчасці. Мы чакаем заяўкі ад кожнай пярвічнай арганізацыі. Мерапрыемства рыхтуецца сур’ёзнае. Мы працуем з грамадска-культурніцкім цэнтрам Берасця. Зразумела, накіроўваем удзельнікаў на тое, каб фальклор быў прадстаўлены менавіта з тых месцаў, адкуль прыедуць нашыя ўдзельнікі.
Беларускае таварыства інвалідаў па зроку ў лістападзе 1924 года заснавалі 30 навучэнцаў Менскай вучэльні. Старшынём таварыства стаў Ісідор Воўчак, першы ў Беларусі сляпы, які атрымаў вышэйшую адукацыю і абараніў кандыдацкую працу.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя