Берасцейшчына: Большасць лекараў працуе на выклікі
На хатняе лячэнне накіроўваюць пацыентаў з лёгкімі сімптомамі і пры іх адсутнасці, але з станоўчым тэстам на COVID-19. Так выглядае сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй у Берасцейскай вобласці сёння:
– Большасць лекараў агульнай практыкі працуе менавіта на выклікі. Час прыёму скарочаны да трох гадзінаў. Таму ад моманту лёгкага нядужання да пастаноўкі дыягназу можа прайсці нават тыдзень. Медыцынскіх спецыялістаў у вобласці, як і па ўсёй краіне, не хапае.
Для вырашэння праблемы з вялікай колькасцю хворых на каронавірус зараз падключаюць медыцынскіх спецыялістаў з іншых накірункаў.
Калі ў пацыента COVID-19 у лёгкай форме, то кантакты першага і другога ўзроўняў не заўсёды трапляюць на ізаляцыю. Яны працягваюць наведваць працу ды грамадскія месцы, што яшчэ больш абвастрае эпідэміялагічную сітуацыю.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце