„Берасцейскае нацыянальнае адраджэнне 80-90-х гадоў” (абноўлена)



Такую тэму прадставілі вядоўцы на чарговых занятках курсаў „Мова нанова ў Берасці”. Госцем мерапрыемства быў тэлевядучы, паэт і грамадскі дзеяч Мікалай Пракаповіч, які стаяў ля вытокаў адраджэння на Берасцейшчыне:

– Быў час акрыленасці духоўнай, у першую чаргу. Мы шчыра верылі ў тое, што нешта зменіцца, павінна змяніцца, і, як маглі, спрыялі гэтаму, ішлі ў людзі, ішлі да людзей. І людзі хораша ўспрымалі гэта ў пераважнай большасці. Многія з нас ішлі ў дэпутаты, акрамя грамадскай працы, займаліся ўжо палітычнай працай. І так нашыя грамадскія справы перараслі ў рэшце рэшт у справу Беларускага Народнага Фронту, у нейкія палітычныя акцыі. Усё гэта рабілася дзеля Беларусі. І для нас гэта быў свой шлях да Беларусі.

Чаму захлынулася беларускае адраджэнне канца 80-х – пачатку 90-х гадоў? Адказаць на гэтае пытанне паспрабаваў пераклдачык-германіст, адзін з тых людзей, якія стаялі ля вытокаў стварэння Беларускага Народнага Фронту „Адраджэнне” на Берасцейшчыне Яўген Бяласін:

Вялікая адмоўная роля належыць, як гэта ні дзіўна, Захаду, таму што яны былі заспетыя знянацку тым, што Савецкі Саюз перакуліўся. Баяліся – і правільна рабілі, можа быць. І замест таго, каб адрасна дапамагчы тым кропкам росту, якія тут маглі быць для дэмакратыі, яны неяк пусцілі гэта на самацёк. І гэты самацёк прывёў туды, дзе мы знаходзімся. Бо без рэсурсаў нічога не зробіш, а калі рэсурсы ўзятыя ў адну жменю, то вазьмі ты іх разгарні. А народ бывае ў розным стане: у стане пад’ёму, калі браць 90-ыя гады, і стомленыя, калі проста трэба зарабляць на хлеб. І таму перамогі ў такіх сітуацыях адразу не прыходзяць.

Наведвальнікам вечарыны прадставілі ўнікальныя фотаздымкі з палітычных і культурніцкіх мерапрыемстваў тых часоў, распавялі пра выданне газеты „Шлях” рэгіянальнай рады БНФ „Адраджэнне” і ўзгадалі імёны тых, хто стаяў ля адраджэнцкіх вытокаў на Берасцейшчыне. Сярод іх мастак Уладзімір Базан, выкладчыца і мовазнаўца Валянціна Мароз, паэт Алесь Каско, кіраўнік рэгіянальнай рады БНФ Рыгор Бакіевіч, настаўніца першага беларускага класа Ніна Чарановіч, доктар і выхаванец Віленскай беларускай гімназіі Аляксандр Засім і іншыя.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце