Берасцейскага аўтара Вікіпедыі асудзілі на два гады калоніі
Суд у Берасці асудзіў аўтара Вікіпедыі Паўла Пернікава на 2 гады калоніі, паведамляюць праваабаронцы. Яго прызналі вінаватым у дыскрэдытацыі Беларусі.
Пракурор Алена Ціхановіч назвала падставай для абвінавачання тэксты берасцейца. Пернікаў дапісаў у Вікіпедыі абзац пра забойства Генадзя Шутава, а таксама пра нежаданне беларускіх уладаў браць на сябе адказнасць за такія смерці. У артыкул пра цэнзуру ў Вікіпедыі ён дадаў згадку пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай у 2004 годзе. Акрамя таго на сайце праваабарончай арганізацыі Пернікаў выклаў артыкул пра катаванні і смерці ў месцах пазбаўлення волі.
Прысуд вынес суддзя Яўген Брэган, які цалкам пагадзіўся з абвінавачаннем.
Нагадаем, што пад вартай знаходзіцца яшчэ адзін вядомы аўтар і рэдактар Вікіпедыі — Марк Бернштэйн (вядомы як Pessimist2006). Яго вінавацяць у групавых дзеяннях, якія грубпа парушаюць грамадскі парадак. Следства адмовілася выпусціць яго пад заклад. Праваабаронцы прызналі Бернштэйна палітвязнем.
Беларускае Радыё Рацыя