Берасцейскага блогера пасадзілі на суткі (абноўлена)



Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін затрыманы пасля вяртання ў Беларусь і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, 25 красавіка Пятрухін цягніком Тэрэспаль — Берасце прыехаў з Польшчы. На чыгуначным вакзале ў Берасце пасля праходжання пашпартнага кантролю блогера затрымалі.

Паводле слоў праваабаронцы, Пятрухін змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасце для адбыцця адміністрацыйнага арышту.

Суд Ленінскага раёна Берасце 14 сакавіка прызнаў мясцовых блогераў Сяргея Пятрухіна і Дзмітрыя Гарбунова, якія асвятлялі акцыі супраць дэкрэта „аб дармаедах”, вінаватымі па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). Кожны быў асуджаны на 15 сутак арышту. Пятрухіна, які не з’явіўся на працэс, судзілі завочна, Гарбунова пасля вынясення пастановы ўзялі пад варту ў зале суда.

Блогеры былі затрыманыя ў Берасце 12 сакавіка і дастаўленыя ў Ленінскі РАУС. Пасля складання пратаколаў іх змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а 13 сакавіка — даставілі ў суд. На пасяджэнні суда 13 сакавіка Пятрухін і Гарбуноў заявілі хадайніцтвы аб прадастаўленні адваката, суддзя іх задаволіў, і абодва затрыманыя былі адпушчаныя.