Берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна выклікаюць у міліцыю



Берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна выклікаюць у міліцыю.

Як паведаміў БелаПАН Пятрухін, 11 студзеня, калі ён спусціўся на першы паверх будынка, дзе быў на прэс-канферэнцыі з нагоды будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода, да яго падышоў супрацоўнік міліцыі і ўручыў позву. З яе вынікала, што 12 студзеня ў 15.00 Пятрухін павінен з’явіцца ў Ленінскі РАУС Берасця ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

„Я пераблытаў час і сёння прыйшоў туды раней. Ведаючы са СМІ, што ў гэтым райаддзеле ў мінулым годзе супрацоўнікі міліцыі збілі рэдактара партала „Рэальны Брэст” Дзяніса Марука, вырашыў не заходзіць у кабінет да атрымання пісьмовай гарантыі ад начальніка РАУС, што ў дачыненні да мяне не будзе неправамерна прымененая фізічная сіла”, — дапоўніў Пятрухін.

Паводле яго слоў, пасля таго як ён пайшоў з РАУС, яму некалькі разоў тэлефанаваў участковы інспектар міліцыі. Ён казаў, што начальнік РАУС гарантуе Пятрухіну бяспеку.

„Я сказаў, што без пісьмовай гарантыі баюся заходзіць у гэты райаддзел міліцыі. У позве не пазначана, па якім артыкуле вядзецца адміністрацыйны працэс, на мяне не складалі ніякіх пратаколаў, — адзначыў Пятрухін. — Але настойлівасць, з якой клікалі ў міліцыі, дае падставу меркаваць: мяне хочуць ізаляваць, каб я спыніў расказваць пра падзеі, якія разгортваюцца вакол пачатага пад Брэстам будаўніцтва акумулятарнага завода”.

Пятрухін асвятляе ў сваім відэаблогу „Народны рэпарцёр” ход збору подпісаў у рэгіёне за прыпыненне будаўніцтва гэтага завода, правядзенне незалежнай экалагічнай экспертызы і паўторных грамадскіх абмеркаванняў.