Берасцейскаму актывісту не выдаюць даведкі аб знаходжанні ў ІЧУ
Актывіст прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, машыніст вежавага крана Берасцейскага жылллёвабудаўнічага прадпрыемства Аляксандр Сахарук не можа прадставіць даведку на працу, чаму адсутнічаў 10 траўня на рабоце. Сахаруку не выдалі даведкі з ізалятара часовага ўтрымання, дзе той знаходзіўся больш за суткі пасля затрымання міліцыяй 9 траўня за бел-чырвона-белы сцяг.
Кажа Аляксандр Сахарук:
— Больш чым на суткі дзяржава ўзяла мяне ў палон. Я не ведаю, чаму я такі небяспечны, я просты законапаслухмяны грамадзянін. Тым, што я ўзняў сцяг я нічога не парушаў. Гэта мой сцяг. На гэтым я стаю і стаяць буду. За расейскія шаўроны, за расейскія георгіеўскія стужкі людзей да адказнасці не прыцягваюць, а прыцягваюць за гістарычны, нацыянальны, несмяротны бел-чырвона-белы сцяг.
Аляксандр Сахарук напісаў скаргу ў Берасцейскае абласное ўпраўленне ўнутраных спраў на начальніка Ленінскага РАУС Берасця за нявыдачу даведкі.
Беларускае Радыё Рацыя