Берасцейская ГВК: ніводнага прадстаўніка апазіцыйных партый



У Берасцейскую гарадскую выбарчую камісію па выбарах у мясцовыя саветы не ўключаны ніводзін прадстаўнік апазіцыйных партый. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.

„Ад апазіцыйных партый у гэты выбаркам вылучалі двух чалавек. Па адным — наша гарадская арганізацыя і гарадская структура Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”. „Яны не былі ўключаныя туды”, — адзначыў Маслоўскі.

Яго здзіўляе і тое, што ў складзе Берасцейскай гарадской выбарчай камісіі наогул няма ніводнага чалавека, вылучанага партыямі. „Я лічу, людзі, якія ўключаны ў гэтую камісію, павінны займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю. У прыватнасці, аказваць насельніцтву паслугі ЖКГ, лячыць людзей. Выбары — палітычны працэс, удзел у якім з’яўляецца асновай дзейнасці партый”, — сказаў старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, у складзе 1.309 тэрытарыяльных выбарчых камісіі для працы на мясцовых выбарах вылучаны 11.167 чалавек. Грамадзяне шляхам падачы заявы вылучылі ў склад тэрытарыяльных камісій 5.732 чалавекі, працоўныя калектывы — 1.173, грамадскія аб’яднанні — 4.101, палітычныя партыі — 161.

belapan.by