Берасцейская „Мова нанова” запрашае на сустрэчу
На чарговую сустрэчу „Мова нанова”, прымеркаваную да Раства, запрашаюць у Берасці. Яна адбудзецца ў бліжэйшы аўторак, 9 студзеня.
„Да ўдзельнікаў курсаў прыедзе Іван Кірчук са святочнай праграмай”, – паведаміў адзін з галоўных арганізатараў мерапрыемства Максім Хлябец:
– У нас адразу пасля Калядаў будзе калядная праграма ад Кірчука – гэта “Троіца”, будзе спектакль. Не будзе граматыкі, нічога, проста прыйдзем, паслухаем, пасля Калядаў адпачнем яшчэ на мове. Усё роўна пакуль усе баяцца размаўляць на мове, шмат людзей, упершыню калі прыходзяць, ім хаця б трэба паслухаць. Чалавек будзе размаўляць цэлую гадзіну на мове, прычым гэта вельмі цікава. Я думаю, што гэта будзе такі моўны адпачынак.
Паводле Максіма Хлябца, такія імпрэзы для берасцейцаў даюць магчымасць моўнай практыкі і новых беларускамоўных знаёмстваў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце