„Берасцейская вясна”: „Прыйдзі і падтрымай”



„Прыйдзі і падтрымай”, – з такім загалоўкам звяртаецца праваабарончы сайт „Берасцейская вясна” да гараджанаў. Заклік з’явіўся ў сувязі з маючымі адбыцца як мінімум чатырма судамі над праціўнікамі акумулятарнага завода „АйПаўэр”, што пабудаваны пад Берасцем.

„Усе гэтыя позвы былі выдадзеныя мясцовай міліцыяй паводле ўдзелу шэрагу экалагічных актывістаў у „масавых мерапрыемствах”, – паведамляе сайт.

Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Практыка нашых сілавікоў яскрава паказала хто знаходзіцца ў апазіцыі ў гэтай краіне і ў апазіцыі да каго. Атрымалася, што наша праваахоўная сістэма знаходзіцца ў апазіцыі да тых, каго павінна ахоўваць – да грамадзян Берасця, да беларусаў, да насельніцтва.

22-га траўня адбудзецца разгляд справы ў адносінах да Аляксандра Марачэўскага, а 24-га ў адносінах да Анатоля Ярмоленкі, Віктара Мігалюка і Паўла Кескевіча.

„Судовы канвеер працягваецца”, – падсумоўваюць праваабаронцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце