Берасцейскі абласны суд не задаволіў скаргу журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца
Берасцейскі абласны суд не задаволіў скаргу журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца на пастанову Суда Лунінецкага раёна ад 15 жніўня.
Скаргу разглядаў суддзя Андрэй Васілюк:
— Яўгеній Ігаравіч, суд не бачыць падстаў для адмены дадзенай пастановы, паколькі па нашаму разуменню мае месца інтерв’ю. І словы вашы непасрэдна ў пратаколе судовага пасяджэння пра гэта сведчаць.
У Лунінцы журналіста пакаралі штрафам у памеры дваццаць базавых велічынь, за інтэрв’ю з Уладзімірам Навіцкім — старшынёй адной з фермерскіх гаспадарак рэгіёну. Пазней інтэрв’ю выйшла на хвалях і сайце Беларускае Радыё Рацыя. Лунінецкі суд угледзеў у гэтым парушэнне артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, у выглядзе „вырабу і распаўсюду інфармацыі для замежнага СМІ не акрэдытаванага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Тэрмін сплаты штрафу ў памеры 490 беларускіх рублёў сканчаваецца 15 верасня, роўна праз месяц ад моманту пастановы суда першай інстанцыі.
Беларускае Радыё Рацыя