Берасцейскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу Аляксандра Краўчука
Берасцейскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу інваліда Аляксандра Краўчука з вёскі Дзявяткі Кобрынскага раёна.
Краўчук прасіў адмяніць штраф у памеры пяці з паловай тысяч рублёў за нібыта нанесеную экалагічную шкоду. Шкода заключаецца ў тым, што Краўчук расчысціў заплыўшы вадаём на дзедавай зямлі, дадзенай яму ў пажыццёвае валоданне. Да гэтага з яго пенсіі ў 360 рублёў вылічылі каля 300 рублёў за работу без дакументацыі. Рашэнне суда абурыла як Краўчука, так і прысутных на працэсе:
– Усё як і варта было чакаць у гэтай краіне. Людзям не хапае на «бэнтлі», на верталёты. Трэба за кошт інвалідаў папаўняць бюджэт.
– Такое заканадаўства, калі яно існуе, прыдумалі тыя, хто з’яўляецца, па факту, па сутнасці, праціўнікам народа.
– Гэта ж 20 гадоў, як я там жыла, быў там той вадаём, і шкоды не было людзям.
Але інспекцыя па ахове прыроды па-іншаму глядзіць на гэтую сітуацыю:
– Правядуць экспертызу, пасля ўплаты шкоды, калі ў вас будуць дакументы на гэтую сажалку, тады шкоды не будзе.
Аляксандр Краўчук атрымаў адказ з Берасцейскага аблвыканкама, што вадаём застанецца, але ва ўласнасці сельвыканкама. Паводле Аляксандра, ён намераны аспрэчыць штраф у Вярхоўным судзе.
Цалка матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя