Берасцейскі абласны суд пакінуў без задавальнення скаргу Рамана Кісляка



Берасцейскі абласны суд пакінуў без задавальнення скаргу сябра Руху “За свабоду”, праваабаронца і актывіста супраціву заводу АКБ Рамана Кісляка.

Актывіст абскарджваў адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты па Берасцейскай цэнтральнай выбарчай акрузе №2. Паводле Кісляка, усе заўвагі па подпісах былі неістотнымі, а нерэгістрацыя наўмыснай, – кажа Раман Кісляк:

– Пераблытаны нумары, даты нараджэння. Таксама ёсць апіскі. Былі замест „ё” – „е” ў прозвішчах і імёнах па-бацьку. Берасцейская абласная выбарчая камісія з апіскамі ў імёнах па бацьку выключыла гэтыя подпісы з ліку непраўдзівых, прызнала праўдзівымі. А ў прозвішчах – пакінула. Бо інакш у мяне колькасць подпісаў была б меншай 15% непраўдзівых.

Паводле Рамана Кісляка, улады паказалі свой страх перад берасцейскімі актывістамі грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода. Ён будзе абскарджваць сваю нерэгістрацыю ў надзорным парадку, пры паўторным адмоўным рашэнні – у Камітэце па правах чалавека ААН.

Беларускае Радыё Рацыя