Берасцейскі абласны суд задаволіў скаргу незалежных журналістаў Леўчука і Харытонавай



Суддзя Берасцейскага абласнога суда Руслана Сянько адмяніла рашэнне суда Ленінскага раёна Берасця ад 30 кастрычніка ў дачыненні да незалежных журналістаў Алеся Леўчука і Міланы Харытонавай. 6 снежня Сянько пастанавіла, што справа павінна быць накіравана на новы разгляд у суд Ленінскага раёна Берасця.

30 кастрычніка журналістаў судзілі на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП РБ — праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Харытонаву і Леўчука абвінавацілі ў вырабе сюжэту для тэлеканала Белсат, у якім было расказана аб парушэннях закона падчас суда над праціўнікамі акумулятарнага завода. У выніку суддзя суда Ленінскага раёна Алена Карпава прысудзіла Леўчуку 50 базавых велічынь штрафу, Харытонавай — 30 базавых. Як сцвярджаюць журналісты, міліцыя сфабрыкавала матэрыялы справы, а падчас працэсу міліцыянеры, якія выконвалі ролю сведак, не выйшлі з залы суда, чым зноў парушылі закон. Але суддзя Карпава іх дапытала і вынесла абвінаваўчы прыгавор. Журналісты абскардзілі вердыкт суда.

„З аднаго боку можна парадавацца перамозе ў абласным судзе, але фактычна мы з Міланай Харытонавай выйграем толькі час. Адмена рашэння і яго новы перагляд — гэта шырма, за якой хаваецца беззаконне, што адбываецца ў судах Беларусі. Супраць мяне гэтая схема ўжо прымянялася вясной гэтага года. Тая ж Сянько адмяніла рашэнне суда першай інстанцыі, але пасля паўторнага разгляду я атрымаў штраф, і ўжо паўторнае аспрэчванне ў абласным судзе не мела ніякага сэнсу”, — заявіў БелаПАН Алесь Ляўчук.

6 снежня абласны суд разгледзеў яшчэ адну скаргу Леўчука і Харытонавай, але суддзя Аляксандр Саўчук у яе задавальненні адмовіў і пакінуў у сіле рашэнне суда Камянецкага раёна пра штраф у памеры 90 базавых велічынь.

Усяго Леўчука і Харытонаву сёлета судзілі шэсць разоў, іх агульны штрафаў склаў больш за 5.000 даляраў ЗША ў эквіваленце.

belapan.by