Берасцейскі аблсуд не задаволіў скаргу блогера Сяргея Пятрухіна



Берасцейскі абласны суд 21 лістапада пакінуў без змены пастанову суда Ленінскага раёна Берасця, які 31 кастрычніка аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1.225 рублёў) мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна.

Раённы суд прызнаў блогера вінаватым на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП. Пятрухіну ставілася ў віну размяшчэнне ў інтэрнэце відэароліка аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, у якім людзей запрашалі прыйсці 14 кастрычніка на плошчу Леніна ў Берасці.

Пятрухін заявіў у судзе, што не выкладваў у інтэрнэт гэты ролік, і хадайнічаў аб правядзенні адпаведнай праверкі. Суддзя адхіліў хадайніцтва і вынес рашэнне па справе.

„Мяне асудзілі неправамерна. Я маю намер падаваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека”, — заявіў блогер.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, 21 лістапада Берасцейскі абласны суд разгледзеў скаргу берасцейкі Юліі Зубік. Суд Ленінскага раёна 10 кастрычніка прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 23.34 КоАП і аштрафаваў на пяць базавых велічынь (122,5 рубля) за тое, што яна 30 верасня знаходзілася на плошчы Леніна, дзе сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, у вопратцы з налепкай „Стоп завод АКБ”.

„Зубік прасіла адмяніць пастанову раённага суда і спыніць справу за адсутнасцю ў яе дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння. Сваю пазіцыю яна матывавала тым, што людзі ходзяць па горадзе ў вопратцы з рознымі надпісамі, і іх не судзяць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, — сказаў праваабаронца . — Учора абласны суд пакінуў без змены пастанову суда першай інстанцыі”.

Кісляк нагадаў, што 15 лістапада Берасцейскі аблсуд не задаволіў скаргі двух аштрафаваных за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага завода — Андрэя Сліжа і Уладзіміра Казлоўскага. 15 кастрычніка суд Ленінскага раёна Берасця прызначыў ім штрафы па 10 базавых велічынь (245 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва завода, якая прайшла на плошчы Леніна ў Берасці 14 кастрычніка. Сліж і Казлоўскі былі прызнаныя вінаватымі на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

„Улады штрафамі спрабуюць збіць хвалю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода”, — заявіў праваабаронца.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. На прадпрыемстве будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. Згодна са звесткамі Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 24 мітынгаў, 12 пікетаў і адной дэманстрацыі. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу” на ўскраіне горада, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася прыкладна дзве тысячы чалавек.

З 25 лютага па нядзелях на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі акумулятарнага завода, каб абмеркаваць звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства навіны.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў замоўцаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён.

Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць добрую заработную плату”, — заявіў ён.

belapan.by