Берасцейскі аблсуд пакінуў без змены прысуды па другой „карагоднай” крымінальнай справе
Берасцейскі абласны суд 27 красавіка пакінуў без змены прысуд фігурантам другой крымінальнай „справы аб карагодзе”, паведамляе тэлеграм-канал „Вясна. Брэст”.
Усе восем фігурантаў гэтай справы абскардзілі ў аблсудзе прыгавор, вынесены ім 15 сакавіка судом Ленінскага раёна Берасця паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Дзмітрыя Буневіча суд прыгаварыў да года і васьмі месяцаў пазбаўлення волі, Аляксея Арцецкага — да паўтара года пазбаўлення волі. Адбываць пакаранне яны будуць у калоніі агульнага рэжыму. Дзмітрыю Абрамуку і Віталю Бруху прызначаныя два гады абмежавання волі, Аляксею Бараноўскаму, Дзмітрыю Качурку і Уладзіміру Талатынніку — паўтара года абмежавання волі. Прысуд прадугледжвае выкананне пакарання з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Генадзь Місюта атрымаў паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Прысуд фігурантам першай крымінальнай „справы аб карагодзе” суд Ленінскага раёна Берасця вынес 25 лютага.
Тады асудзілі 10 чалавек. Вадзіму Варановічу і Максіму Жараву было прызначанае пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мікалаю Федарэнку, Яўгену Каўпачыку, Віктару Дзенісенку, Аляксею Якубуку, Віталю Літвіну — паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яраслаў Ярашук і Марына Глазава асуджаныя на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, Марына Сірацан — на год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яны прызнаныя вінаватымі на падставе ч. 1 арт. 342 КК.
Фігуранты гэтай справы таксама падалі апеляцыйныя скаргі ў Берасцейскі абласны суд. Вышэйшая інстанцыя іх яшчэ не разглядала.
15 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Берасця пачалі судзіць 14 абвінавачаных трэцяй крымінальнай „справы аб карагодзе”. Перад судом паўсталі Даніла Чамаданаў, Васіль Чарнецкі, Радзівон Кандрацюк, Алена Лысковіч, Вікторыя Лысковіч, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая, Алена Гнаўк, Кірыл Луд, Віктар Лабко, Юрый Чубрык, Марыя Скакавец, Валянціна Жукоўская і Сяргей Наліўка.
Паводле абвінавачання, 13 верасня 2020 года гэтыя людзі ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Берасця. Знаходзячыся на праезнай частцы перасячэння праспекта Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі, у групе з іншымі асобамі яны „наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Гэтыя дзеянні, гаворыцца ў абвінавачанні, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці тралейбуснаму парку нанесены ўрон на 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек.
Удзельнікаў акцыі пратэсту, якія пачалі вадзіць карагоды на скрыжаванні, сілавікі разагналі вадамётам.
Крымінальных „спраў аб карагодзе” некалькі. Агульная колькасць фігурантаў — больш за 70.
Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што ў дзеяннях фігурантаў такіх спраў няма складу крымінальнага злачынства. „Гэта адміністрацыйнае правапарушэнне”, — заявіў БелаПАН праваабаронца.