Берасцейскі аблсуд вынес прыгавор па справе пра выбух на Лунінецкай ЦЭЦ
Берасцейскі абласны суд 18 кастрычніка вынес прыгавор па справе аб выбуху ў 2014 годзе на будоўлі Лунінецкай ЦЭЦ.
Фігуранты справы — генеральны дырэктар РУП „Брэстэнерга” Сяргей Лявонавец, намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Аляксей Уласаў, намеснік галоўнага інжынера Аляксандр Рабчынскі і першы намеснік генеральнага дырэктара ДВА „Белэнерга” Сяргей Машковіч, які раней працаваў галоўным інжынерам „Брэстэнерга”.
Як паведаміў БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Генадзь Буры, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па справе, Лявонавец і Машковіч прызнаныя вінаватымі на падставе ч. 3 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы, якая пацягнула цяжкія наступствы). Кожнаму з іх суд прызначыў тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яны таксама пазбаўленыя права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ва ўстановах энергетыкі на працягу пяці гадоў.
Рабчынскага прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 425 КК і прагаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ва ўстановах энергетыкі на чатыры гады.
У службовым падлогу (ч. 1 арт. 427 КК) прызнаныя вінаватымі Уласаў і Рабчынскі. Суд прызначыў ім па годзе папраўчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы 20% заробку. Уласаў і Рабчынскі вызваленыя ад пакарання згодна з гэтым артыкулам на падставе ч. 1 арт. 83 КК з-за сканчэння тэрміну даўнасці.
Як адзначыў дзяржабвінаваўца, Уласаў прызнаны невінаватым згодна з ч. 3 арт. 425 КК і апраўданы ў сувязі з недаказанасцю ўдзелу ў здзяйсненні злачынства.
У зале суда асуджаных да пазбаўлення волі ўзялі пад варту. Прысуд не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Выбух на будоўлі Лунінецкай ЦЭЦ прагрымеў 26 жніўня 2014 года. У момант пусканаладачных работ пры падпалцы катла згас факел гарэлкі без спынення падачы метану. Газ змяшаўся з паветрам, і здарыўся выбух катла. У выніку часткова абваліліся сцены і перакрыцці будынка, было пашкоджанае абсталяванне, смяротна траўмаваны рабочы Мінскай ЦЭЦ-5, які выконваў падрадныя работы на будоўлі, лёгкія цялесныя пашкоджанні атрымалі двое рабочых РУП „Брэстэнерга”.
Матэрыяльны ўрон склаў больш за 21,6 млрд недэнамінаваных рублёў.
Падчас следства і судовага пасяджэння ўстаноўлена, што пусканаладачныя работы праводзіліся з парушэннем заканадаўства і правілаў — пры адсутнасці сістэмы аўтаматычнай засцярогі і блакіровак, а таксама пры няспраўнай ахоўна-запальнай прыладзе катла.
Абвінавачаныя па справе службовыя асобы ў жніўні 2014 года неаднаразова давалі ўказанні распальваць кацёл у ручным рэжыме. Пры гэтым яны дакладна ведалі, што агрэгат не быў абсталяваны ў адпаведнасці з праектам сродкамі аўтаматызацыі і тэхналагічнымі засцярогамі, у яго была няспраўная ахоўна-запальная прылада. Тэхнічная прычына выбуху была пацверджаная праведзенымі падчас судовага следства экспертызамі.
25 жніўня 2014 года здарыўся мікравыбух катла, яго прычыны не былі высветленыя. На наступны дзень пусканаладачныя работы атрымалі працяг.