Берасцейскі актывіст Андрэй Шарэнда сустракаў Новы Год за кратамі



Затрыманне ўдзельніка акцыяў пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў адбылося яшчэ 29 снежня ўвечары каля ягонага дому. Гэты эпізод патрапіў на відэа і быў апублікаваны ў адным з мясцовых Telegram-каналаў.

Падрабязней апавядае сам Андрэй Шарэнда:

– Не тлумачачы прычынаў, адвезлі ў мясцовы РАУС. Пратрымалі ў так званым “малпятніку” да раніцы. Раніцай мяне выцягнулі з “малпятніка” і сказалі, што на мяне заведзеная справа па артыкуле 23.34 з-за наяўнасці сцяга на гаўбцы. Я сустрэў у ІЧУ Новы год. Быў там 72 гадзіны. Ужо заканчваўся гэты трохсуткавы тэрмін, прыходзіць той жа самы міліцыянт і кажа, што ранейшая адміністрацыйная справа нібыта спынена і заведзена новая адміністрацыйная справа пра мой нейкі ўдзел у акцыі ў Менску. Я яшчэ трое сутак прабыў у ІЧУ, і толькі калі закончыліся трое сутак, прыйшлі міліцыянты і склалі на мяне пратакол па артыкуле 23.34 за ўдзел у акцыі 8 лістапада ў Менску. Па справе са сцягам мне вынесена папярэджанне, і гэтая справа пакуль закрыта.  Я запатрабаваў адваката і судовае пасяджэнне было перанесена на 6 студзеня, на 9.30.

Акрамя таго, пакуль Андрэй Шарэнда знаходзіўся за кратамі, у ягоным доме адбыўся ператрус у межах нейкай крымінальнай справы. Пра тое актывіст даведаўся адразу пасля вызвалення. Па сканчэнні ператрусу затрымалі і ягоную жонку Паліну Шарэнда-Панасюк, і таму Андрэя дома сустракалі цешча і непаўнагадовыя дзеці. Знаходзіцца яна ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасця, і ў межах якой справы, будзе высвятляць адвакат.

Беларускае Радыё Рацыя