Берасцейскі актывіст Андрэй Шарэнда ўцёк з-пад хатняга арышту ў Літву



Берасцейскі актывіст Андрэй Шарэнда ўцёк з-пад хатняга арышту ў Літву. Пра гэта ён распавёў юцюб-каналу «Веды для жыцця».

Па словах Шарэнды, ягоныя двое непаўнагадовых дзяцей пакуль знаходзяцца не з ім, але ў бяспечным месцы. З Берасця з мінімумам рэчаў яму дапамаглі выехаць сябры. Гэта адбылося адразу пасля таго, як Андрэй адвёў малодшага сына ў садок. Мяжу з Літвой пераходзілі ўначы разам з Вольгай Паўлавай, якая была асуджаная да «хатняй хіміі».

Кажа Андрэй Шарэнда:

–  Сем кіламетраў мы прайшлі пад дажджом, некалькі разоў упіраліся ў балота. Мы шлі па мапе, балоты былі там не так пазначаны. Але ноччу наша цудоўная беларуская прырода схавала нас ад памежнікаў. Некалькі разоў мы бачылі, як прыязджалі памежныя патрулі здалёк.

28 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёна Берасця павінен быў пачацца судовы працэс, на які Шарэнда не з’явіўся. Яму былі выстаўленыя абвінавачанні на падставе двух крымінальных артыкулаў: заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і абраза Лукашэнкі. Абвінавачанага абвясцілі ў вышук. Нагадаю, што яго жонка Паліна Шарэнда-Панасюк 9 чэрвеня прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. Яна прызнаная палітзняволенай.

Беларускае Радыё Рацыя