Берасцейскі актывіст пасля суда трапіў на прыём у гарвыканкам



Берасцейскі грамадскі актывіст Віталь Казак, разам з жыхарамі горада і прадстаўнікамі палітычных партый, трапіў на прыём у мясцовы гарвыканкам. Сустрэча з прадстаўнікамі ўлады адбылася адразу пасля суда над актывістам, у якім зараз абвешчаны перапынак.

Гарвыканкам прадстаўлялі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Генадзь Іванчын, першы сакратар Берасцейскага гарадскога камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Дзяніс Селівонік і начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Ірына Мокат.

Дыялог трываў каля гадзіны:

Чаму тады чыноўнікі адмыслова не прыязджаюць, каб мяне потым міліцыя, па вашым жа загадзе, прыцягвала да адміністрацыйнай адказнасці? Навошта такое адбываецца? Чаму не пайсці на дыялог? Як міліцыя раней мяне не прыцягвала, а цяпер вырашыла прыцягнуць? Хоць я раблю тое самае, што рабіў раней. Чаму чыноўнікі не прыходзяць туды канкрэтна і не адказваюць на пытанні грамадзян?

Згадзіцеся, у Берасці больш за 300 тысяч жыхароў. І шмат хто здаволены гэтым горадам.

І я задаволены, што шмат чаго робіцца. Хіба я сказаў, што ўсю гэтую ўладу трэба знесці?

Напярэдадні самой сустрэчы жыхары горада ўзнялі сцяг Берасця ля прыступкаў гарвыканкама, а пасля яе, некаторыя з удзельнікаў сустрэчы падзяліліся ўражаннямі ад яе.

Кажа Людміла Дзенісенка, старшыня абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет”:

Пытанні, якія яму задалі, я думаю, былі крыху няёмкімі для чыноўніка, бо гэтыя пытанні задаюцца ўжо не адзін год. На жаль, не ўсе яны вырашаюцца. Нас, як палітычную партыю, цікавіць пытанне месцаў правядзення пікетаў, мітынгаў, сходаў. Гэта месца нам абяцаюць ужо некалькі гадоў. Мы канкрэтна кажам пра вуліцу Савецкую. Я на сто адсоткаў упэўнена, што гэтага месца нам так і не выдзеляць. Знойдуцца розныя лазейкі, нешта прыдумаюць. А што тычыцца Казака, дык я лічу, што пытанні, якія ён ставіць, сапраўды трэба разглядаць, бо дзіцячыя пляцоўкі, школы, дамы — гэта тое, што хвалюе людзей.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці на чале з Віталём Казаком дамовіліся на чарговае спатканне з уладамі, а тыя ў сваю чаргу, вусна, падтрымалі гэтае жаданне. Грамадскі актывіст збіраецца наведаць іх адразу пасля суду над ім, працяг якога запланаваны на 22 верасня.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце