Берасцейскі актывіст павіншаваў палітвязня Міколу Статкевіча



Грамадскі актывіст з Берасця Аляксандр Сахарук накіраваў віншавальную тэлеграму экс-кандыдыту ў прэзідэнты, палітвязню Міколе Статкевічу на новае месца зняволення.

Былы „афганец” Аляксандр Сахарук віншуе падпалкоўніка Беларускай арміі ў запасе Міколу Статкевіча з Днём перамогі:

– У знак салідарнасці з чалавекам, які незаслужана сядзіць у турме – гэта наш сапраўдны чалавек, патрыёт Рэспублікі Беларусь. Ён вайсковец, з такімі людзьмі, я напісаў у тэлеграме, можна ісці ў разведку. Я такім людзям давяраю – гэта мае вялікае значэнне.

Аляксандр Сахарук мае сталую сувязь з палітвязнем. Мікалай Статкевіч – адзіны з былых кандыдатаў у прэзідэнты, які ўтрымліваецца дагэтуль у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Суд прызнаў апазыцыйнага палітыка вінаватым у арганізацыі вулічных беспарадкаў і асудзіў на 6 гадоў зняволення. Мікалай Стактевіч не лічыць сябе вінаватым і адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні.

Беларускае Радыё Рацыя