Берасцейскі дзіцячы фонд рыхтуецца да Новага года



Прадстаўнікі берасцейскага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду просяць дзяцей з інтэрнатаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і цяжкімі захворваннямі пісаць лісты да Дзеда Мароза.

Фонд пачынае традыцыйную пераднавагоднюю акцыю, у якой здзяйсняюць мары дзяцей за ахвяраванні неабыякавых грамадзянаў.

Дырэктар берасцейскага аддзялення БДФ Зоя Троцкая адзначыла, што цудаў у сваім жыцці дзеці асабліва чакаюць у часы святаў:

— Неўзабаве Новы год, і  кожнае дзіця чакае, спадзяецца і верыць, што да яго прыйдзе Дзед Мароз і прынясе доўгачаканы падарунак. Для таго, каб Дзед Мароз надта не заблытаўся, я запрашаю усіх, каму патрэбная дапамога, увага і адмысловы падарунак, дасылаць лісты Дзеду Марозу на адрас Берасцейскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.

Кожнае дзіцё мае сваю мару, і наша мэта — наблізіць момант здзяйснення гэтай мары. Вядома, ёсць мяжа нашых магчымасцяў, але можна разлічваць нават на кампутар, — дадала Зоя Троцкая.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце