Берасцейскі гарвыканкам выказаўся наконт перамоў па акумулятарным заводзе



Берасцейскі гарвыканкам прапануе прадстаўнікам ініцыятыўнай групы грамадзян, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода “АйПаўэр” у свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”, сустрэцца 14 сакавіка. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт установы. Пакуль невядома, ці адгукнуцца грамадзяне на гэтую прапанову ўладаў. Кажа праваабаронца Раман Кісляк, які дапамагае ініцыятыўнай групе юрыдычна бараніць сваю пазіцыю:

Прадстаўнікі завода, Берасцейскага райвыканкама і іншыя заяўляюць, што ўсё законна, будаўніцтва вядзецца з захаваннем усіх патрабаванняў заканадаўства. Тым не менш, ёсць маса фактаў, якія сведчаць пра тое, што гэтая працэдура была парушаная. Перадусім гаворка ідзе пра тое, што з жыхарамі Берсцейскага раёна і горада Берасця не параіліся.

Улады для арганізацыі “канструктыўнай і прадметнай размовы” прапануюць накіраваць свае пытанні заўчасна, да 12 сакавіка, на адрас: [email protected]. Сустрэча і дыялог плануецца з удзелам прыродаахоўных, санітарных службаў і прадстаўнікоў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Запрашэнне ж журналістаў сродкаў масавай інфармацыі не плануецца, як паведамляе сайт гарвыканкама.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце