Берасцейскі грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда асуджаны на 15 сутак арышту
Пра гэта паведамляе мясцовы праваабарончы рэсурс «Берасцейская вясна». Яшчэ 28 ліпеня ён быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Вінавацілі яго ў парушэнні ч.3 артыкула 23.34 КоАП аб «масавых мерапрыемствах». Парушэнне ўгледзелі ў допісе «Усе ідзём на ЦУМ» аўтарства Андрэя Шарэнды ў адным з Telegram-каналаў. Тычыўся ён несанкцыянаванага берасцейскага «ланцуга салідарнасці» 14 ліпеня. 31 ліпеня справу ягоную разгледзеў суддзя суда Маскоўскага раёна Берасця Раман Карабан.
Кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Здаецца, Аляксандр Рыгоравіч ужо сказаў, што будзе цікава – і да выбараў, і пасля яшчэ цікавей. Пажадаў бы сваім суайчыннікам, каб яны былі больш асцярожныя і не давалі нагоды для раскручвання махавіка рэпрэсій па найбольш жорсткім сцэнары.
“Адміністрацыйнымі арыштамі ўлады намагаюцца ізаляваць на час выбараў самых актыўных грамадзян і шляхам запужвання паўстрымаць беларускае грамадства ад пратэстаў напрыканцы выбараў, – кажа праваабаронца, – і гэта не ўсё. Міліцыя цікавіцца шэрагам іншых актывістаў”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота naviny.by