Берасцейскі кірмаш на Пушкінскай



У Берасці адкрылі сезон навагодніх кірмашоў. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт мясцовага гарвыканкама. Калі на вуліцы Гогаля святочныя кірмашы ўжо традыцыйная з’ява, то ў гэтым годзе ўпершыню ў горадзе зладзілі гандаль і на кавалку Пушкінскай, між плошчай Леніна і вуліцай Карла Маркса.

Адметнасць кірмашу на Пушкінскай – драўляныя дамкі накшталт кірмашовых дамкоў у Заходняй Еўропе, дзе нават прадаюць глінтвейн, чаго раней не было. Таксама пакупнікам прадставілі мяккія цацкі жлобінскай вытворчасці, слодычы, святочныя елачныя ўпрыгожванні, фастфуд і прадукцыю традыцыйных рамёстваў, у тым ліку з вышыўкай у нацыянальным стылі.

Першы дзень гандлю, псуе надвор’е”, – скардзяцца гандляры. Сапраўды, у Берасці ў дзень адкрыцця кірмашу падае дождж і людзей вакол дамкоў амаль няма. “Спадзяёмся, да вечара і ў наступныя дні сітуацыя выправіцца”, – зазначылі прадаўцы.

Кірмаш на Пушкінскай знаходзіцца побач з галоўнай каляднай ялінкай, якую пакуль не ўпрыгожылі і афіцыйнае адкрыццё якой запланавана на 23 снежня. Кірмаш на Пушкінскай будзе працаваць да 19 студзеня з 12.00 да 22.00, а на Гогаля – да 31 снежня з 12.00 да 19.00.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара