Берасцейскі суд аштрафаваў блогера Кабанава на 50 базавых



Суддзя Суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Сямянчук прысудзіў штраф блогеру Аляксандру Кабанаву ў памеры 50 базавых велічынь.

 

Кабанава прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (КаАП РБ): «Удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».

Прысуд каментуе сам блогер:

Я адназначна чакаў суткі, але справа да такой ступені сфабрыкаваная, што суддзя быў вымушаны даць штраф. Я думаю і каманда была яму даць штраф толькі дзеля таго, каб захаваць твар нашых праваахоўных органаў. Па ідэі, ён увогуле меў вызваліць мяне ў зале суда і спыніць гэты працэс.

За разглядам адміністрацыйнай справы над Кабанавым сачылі жыхары Берасця і ваколіц, а таксама праваабаронцы, сярод якіх Раман Кісляк. Раман так пракаментаваў прысуд Аляксандру Кабанаву:

Безумоўна людзі маюць права пратэставаць, заяўляць і выходзіць. У дадзеным выпадку наша заканадаўства і практыка яго прымянення скіраваныя такім чынам, што кожнае дзеянне па выказванні свайго меркавання, кожная заява, будуць пакараныя, як гэта здарылася з Аляксандрам Кабанавым.

У гэты час праходзіць разгляд справы над паплечнікам Кабанава, блогерам Сяргеем Пятрухіным. Яго таксама вінавацяць у парушэнне артыкула 23.34 КаАП РБ. У будынку суда на Леванеўскага знаходзіцца каля 70 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць блогераў, там жа, для аховы правапарадку, знаходзяцца і людзі ў форме АМАП.

Блогеры збіраліся прыняць удзел у пратэсце супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем яшчэ ў нядзелю, але напярэдадні абодва зніклі. Пазней яны знайшліся ў падвалах ІЧУ Ленінскага раёна Берасця.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце