Берасцейскі суд не задаволіў скаргу прафсаюзнага актывіста
Берасцейскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу баранавіцкага актывіста прафсаюзнай суполкі радыёэлектроннай прамысловасці Рыгора Грыка.
Актывіст прасіў адмяніць рашэнне суда Баранавіцкага раёна, які прызнаў адмову першамайскага пікету Баранавіцкім гарвыканкамам правамоцнай, такое ж рашэнне прыняў і абласны суд.
Гэта абсалютна незаконна, кажа абаронца Грыка, прававы інспектар прафсаюза Уладзімір Малей:
– Сёння ў чарговы раз мы сталі сведкамі таго, што судовая калегія па грамадзянскіх справах Берасцейскага абласнога суда выносіць незаконную судовую пастанову, якая супярэчыць закону і цвярозаму сэнсу.
Праваабаронца падкрэсліў, што прычына адмовы ў правядзенні першамайскага пікету ў тым, што ў заяве не было сказана, ці будуць ва ўдзельнікаў пікета аўтамабілі і піратэхнічныя сродкі. Але згодна закону „Аб масавых мерапрыемствах” толькі тады пра гэта пішацца ў заяве, калі гэта будзе выкарыстоўвацца, кажа Уладзімір Малей.
Беларускае Радыё Рацыя