Затрыманыя ў нядзелю праціўнікі будаўніцтва завода АКБ на волі (абноўлена)
З Ленінскага РАУС Берасця пачалі выпускаць затрыманых 14 красавіка ўдзельнікаў шэсця і „кармлення галубоў”, якія штонядзелю праводзяцца ў знак пратэсту супраць запуску акумулятарнага завода. Яшчэ ўчора адпусцілі блогера Аляксандра Кабанава, які правёў у Берасцейскім РАУС 4 гадзіны, а Дзмітрыю Бекалюку ўдалося з’ехаць з Ленінскага РАУС на карэце хуткай медыцынскай дапамогі. Узгадвае сведка затрыманняў Канстанцін Астапук:
– Такая цісканіна была. І многіх людзей брутальна затрымалі. Але з людзьмі трэба размаўляць. Сядзьце за стол перамоў і вырашайце мірным шляхам. Навошта гэтая перадвыбарчая вакханалія?
Стала вядома што з позвай у суд на 25 красавіка выйшаў хлопец-раварыст з бел-чырвона-белай стужкай Ягор Кандрацюк, якога „прымаў” на перакрыжаванні Савецкай і Машэрава АМАП. Таксама выпусцілі Мікалая Трацюка, але ўжо з прысудам, абвешчаным наўпрост у будынку РАУС – 10 базавых штрафу за ўдзел ва ўчорашнім мерапрыемстве. З позвай на 25 красавіка таксама выйшаў і Віктар Сендэр і Алесь Абляк. На 24 красавіка позва ў Віталя Казака.
* * *
Сілавікі пачалі выпускаць з Ленінскага РАУС Берасця затрыманых у пятніцу, напярэдадні нядзельнага „кармлення галубоў”, актывістаў, выступаючых супраць акумулятарнага завода.
Яшчэ раней адзін з лідараў пратэсту Дзмітрый Бекалюк, звярнуўся да берасцейцаў са словамі, што сітуацыя з прэвентыўнымі затрыманнямі абурае ініцыятыўную групу праціўнікаў завода:
– Хочацца спытаць, розум у прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія прымаюць гэтыя рашэнні, ёсць? Гэта тэрор супраць мірных жыхароў. Іншага слова няма. Абурэнню няма мыжы. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб збіць накал пратэсту. Адбываецца прававое бязмежжа. Берасцейцы мусяць раскрыць вочы і ўбачыць, што адбываецца. І вырашыць, ці хочуць яны такіх адносін да сябе? Людзі хочуць проста жыць і дыхаць чыстым паветрам. Аляксанд Рыгоравіч! У Берасця ёсць прэзідэнт, ці ён толькі ў кароў ёсць, да якіх вы ездзіце і якіх аберагаеце? Ці ёсць у гэтай дзяржаве той, хто можа абараніць берасцейцаў?
Перад тым як выйсці з Ленінскага РАУС, актывістам уручаюць позвы ў суд пераважна на 18 красавіка, каб асудзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве за 7 красавіка. Тады ўдзельнікі нядзельнага „кармлення галубоў” і шэсця ўпершыню пачалі агучваць лозунгі: „Не заводу!” і „Лемяшэўскага на нары!”. Затрыманых жа на апошняй акцыі пакуль трымаюць у РАУС. На волю выйшлі: Таццяна Фесікава, Уладзіслаў Абрамовіч, Сяргей Свірскі, Алег Ярмоленка, Дзяніс Малышэнка, Дзмітрый Андрасюк, Дзям’ян Лепясевіч, Уладзімір Казлоўскі, Уладзімір Вялічкін і Алег Вялаў – агулам 10 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
* * *
Затрыманых у апошнія дні актывістаў-праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці судзяць у Ленінскім РАУСе.
Справы разглядае суддзя Аляксандр Семянюк, які да гэтага пачаў разглядаць справу блогера Сяргея Пятрухіна.
Затрыманыя ў пятніцу: Дзяніс Малашэнка, Зміцер Андрасюк, Дзям’ян Лепясевіч, Уладзімер Казлоўскі, Сяргей Свірскі, Алег Ярмоленка, Уладзімір Вялічкін, Уладзіслаў Абрамовіч, Кацярына Басаргіна, Алег Вялаў.
Затрыманыя ў нядзелю: Аляксандр Кабанаў, Дзмітрый Бекалюк, Алесь Абляк, Ягор Кандрацюк, Таццяна Фесікава, Віталь Казак, Віктар Сэндэр, Мікалай Трацюк.
Аляксандра Кабанава і Зміцера Андрасюка адпусцілі праз тры гадзіны пасля затрымання.
З РАУС выйшла Таццяна Фесікава, у дачыненні да яе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП за 31 сакавіка. Жанчыну вінавацяць у тым, што яна раздавала жоўтыя шарыкі з пратэстным заклbікам.
„Берасцейская міліцыя лічыць слова „жыць” лагатыпам пратэстнага руху супраць будаўніцтва завода”, – адзначыла Таццяна Фесікава.
Разгляд справы перанесены на 10 гадзін раніцы 25 красавіка.
„Парасюк (нейкі міліцыянт) выйшаў і сказаў каму павыпісваць павесткі”, – распавяла жанчына.
Каля РАУС сабралася невялікая группа падтрымкі.
Стала вядома, што ўчорашнія затрыманні праводзіў міліцыянер Мікалай Самасюк.
З РАУСа выйшаў праваабронца Уладзімір Малей. Ён чакаў у файе, спрабаваў патрапіць на разгляды спраў. Але туды нікога не пускаюць. Супрацоўнікі РАУС паведамілі, што ім паступіў загад не пускаць нікога, прадстаўнікам СМІ прапанавалі звярнуцца ў прэс-службу УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Выйшаў яшчэ адзін затрыманы Алег Вялаў. Кажа, што ўсіх вінавацяць у адным і тым жа. Яму таксама выдалі павестку на 25 красавіка.
„У адвакаце мне адмовілі. Правы не тлумачылі. Міліцыянт крычаў на мяне”, – распавёў мужчына.
Наступным выйшаў Дзям’ян Лепясевіч:
„Яны робяць беззаконне. Вывелі з камеры ў актавую залу. Устаў Семянчук і сказаў, што судовы працэс пачынаецца. Я падпісваў адзін пратакол, а ўручылі мне іншы… З тым, што інкрымінуюць, я не згодны.
Гэта сітуацыя падобная з Асвенцыма. Нас гэтак жа сабралі ўсіх у пятніцу. Выклікалі па адным і чалавек больш не вяртаўся. Мы прасілі, каб хаця б жанчын адпусцілі, але нам было адмоўлена. Самасюк пры гэтым ўсміхаўся.
Лічу, што да мяне былі ўжытыя катаванні”.
Зноў у суд Дзям’яна Лепясевіча вызываюць 18 красавіка.
Выйшаў праваабаронца „Вясны” Уладзімір Вялічкін. Ён кажа, што Алесю Абляку стала дрэнна цяпер, але хуткую яму міліцыянеры не выклікаюць. Ён мае інваліднасць.
Наступнымі адпусцілі Дзяніса Малышэнку і Уладзіміра Казлоўскага. Казлоўскаму таксама далі позву на 18 красавіка. Ён кажа, што нават за кратамі ім удалося пакарміць галубоў – прылятаў на вакно.
Уладзімір Казлоўскі распавядае, што судзя аб’яўляе „пачынаецца адкрытае судовае разбіральніцтва”, аднак у на працэс па-ранейшаму нікога не дапускаюць.
„Фактычна мае месца закрыты судовы працэс. Акрамя таго, што ўрэшце людзей, нават журналістаў, перасталі пускаць на тэрыторыю РУУС, у тых, хто паспеў патрапіць туды раней, перапісалі асабістыя дадзеныя і ўручылі павесткі з’явіцца ў РУУС. Тыя, хто атрымаў такія павесткі ў пятніцу – правялі трое сутак у ІЧУ. Гэта можна разглядаць як запужванне”, – каментуе сітуацыю юрыст ПЦ „Вясна” Алег Пашкевіч.
Алега Ярмоленку суд аштрафаваў на 30 базавых велічынь.
У актавай зале РАУС засталося тры чалавекі – Андрасюк, Свірскі, Абрамовіч. Пад РАУСам іх чакае группа падтрымкі з кавай, гарбатай і ежай – каля 15 чалавек.
Выйшаў Зміцер Андрасюк. Суд над ім перанесены на 18 красавіка таксама па яго хадайніцтве пра ўдзел абаронцы ў працэсе. Яго вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у нядзельнай акцыі 7 красавіка.
Людміле Карчэўскай, якая зайшла ў РАУС, выпісалі позву на пятніцу.
З будынку РАУС выйшлі Уладзіслаў Абрамовіч і Сяргей Свірскі. Суд рагледзіць справы супраць іх 18 красавіка.
Тых, каго затрымалі ў нядзелю, пакуль не судзілі і не адпусцілі. Вядома, што разгляд справы супраць Дзмітрыя Бекалюка адбудзецца ў 14.30.
Нагадаем, кожную нядзелю больш за год на плошчы Леніна ў Берасці збіраюцца людзі на ўжо традыцыйнае “кармленне галубоў” – акцыю ў знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.