Берасцейскіх журналістаў ізноў пакаралі буйнымі штрафамі
Новымі буйнымі штрафамі пакаралі незалежных журналістаў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву.
18 красавіка старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак, які разглядаў адміністрацыйныя пратаколы, аштрафаваў кожнага на 50 базавых велічынь (1.275 рублёў).
Журналістаў абвінавацілі па ч. 2 арт. 22.9 КоАП — праца на замежны СМІ без акрэдытацыі. Ляўчук і Харытонава падрыхтавалі сюжэт для польскага тэлеканала „Белсат”, у якім расказвалася пра праблемы жыхароў вёскі Велюнь Брэсцкага раёна.
Ляўчук паведаміў БелаПАН, што суд прыняў рашэнне з трэцяй спробы: пратакол, складзены супрацоўнікамі АУС Брэсцкага раёна Сяргеем Максімовічам і Андрэем Грыгаруком, двойчы адпраўляўся на дапрацоўку. Журналісты не ўдзельнічаюць у судовых працэсах, паколькі лічаць іх палітычна матываванымі, пра рашэнне суда яны даведаліся па электроннай пошце.
„Мяне не перастае здзіўляць вельмі нізкі ўзровень работнікаў міліцыі, якія не могуць пратакол без памылак перапісаць. Але калі ёсць загад, то яго трэба выконваць. У суда, як я бачу, такі ж загад — душыць незалежную прэсу рублём, але мы працягваем працаваць, нягледзячы на гэты прэс”, — заявіў Ляўчук.
На мінулым тыдні Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу гэтых журналістаў на рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста. Ляўчук і Харытонава павінны выплаціць 3.060 рублёў штрафу за сюжэты, знятыя ў студзені гэтага года.
У 2018 годзе журналістаў судзілі шэсць разоў, з пачатку гэтага года — пяць разоў. Агульная сума штрафу склала больш за 10 тыс. долараў ЗША ў эквіваленце.
Фота Baj.by