Берасцейскіх журналістаў зноў выклікалі ў міліцыю
У дачыненні да журналіста-фрылансера Яўген Скрабца сёння, 21 кастрычніка, склалі пратакол-апытання ў міліцэйскім пастарунку Берасця. Як паведаміў журналіст, ён праходзіць па матэрыялах справы аб парушэнні так званага «журналісцкага» артыкула 22.9 частка другая адміністрацыйнага кодэкса – «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».
Справа датычыць двух эпізодаў, кажа Яўген Скрабец:
– Адзін эпізод датычны матэрыялу, змешчанаму на сайце Радыё Рацыя за 27 верасня, калі ў бібліятэцы праходзіла прэзентацыя даследавання мясцовага краязнаўцы Івана Чайчыца. А другі эпізод за 4 кастрычніка, матэрыял пра асвятленне суда над праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода. Па гэтых матэрыялах, па словах супрацоўніка міліцыі, мяне апытваў не той чалавек, які мне выпісаў позву, маёр Леановіч, а капітан Селяковіч, ён сказаў, што яшчэ праверка праводзіцца, таму пратакол адміністрацыйнага правапарушэння яшчэ не складзены.
Яўген Скрабец адмовіўся даваць тлумачэнні на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Беларусі. Па яго словах, падобныя пратаколы-апытання складзены і на журналістаў тэлеканала «Белсат» Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву.
Фота Міланы Харытонавай
Самому ж Яўгену Скрабцу ўручылі чарговую позву – ён павінен прыйсці ў міліцыю ў сераду 24 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя