Берасцейскім актывістам не далі выступіць на паседжанні савета дэпутатаў



Выступіць на паседжанні мясцовага савета дэпутатаў не далі прадстаўнікам Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) і сябрам арганізацыі “За свой горад!” у Берасці. Пра гэта паведаміў палітык Ігар Маслоўскі. Актывісты хацелі ўзняць тэму шапікаў “Табак” у горадзе.

Народныя абраннікі хутка заслухалі і амаль адзінагалосна цягам гадзіны прагаласавалі па трынаццаці пытаннях, — распавёў палітык Ігар Маслоўскі:

– На сесію мы ішлі і рыхтаваліся выступіць, таму што мы неслі ад імя грамадзян праект для галасавання дэпутатаў. На жаль, нашае пытанне не было ўключана ў парадак дня. І пасля заканчэння сесіі я запытаў у выконваючага абавязкі старшыні, і ён сказаў, што наша пытанне разгледжана на прэзідыуме, і нам ужо дадзены адказ. Адказ мы яшчэ не атрымалі, але, я думаю, што мы будзем яго абскарджваць.

Грамадскім дзеячам таксама забаранілі рабіць відэаз’ёмку. Таму ім удалося зняць на камеру толькі пачатак паседжання.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце