Берасцейскія актывісты падалі скаргу ў Вярхоўны суд



Берасцейскія актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі абскарджваюць рашэнне суда другой інстанцыі. Яны не пагадзіліся з рашэннем Берасцейскага абласнога суда і падалі наглядную скаргу ў Вярхоўны суд.

Прадметам судовых цяжбаў стала вынясення штрафаў падчас мясцовай кампаніі за правядзенне нібыта незаконных перадвыбарчых мерапрыемстваў, – распавёў заяўнік скаргі Уладзімір Вуек:

 – Калі мы скарысталіся сваім канстытуцыйным правам і Выбарчым Кодэксам і правялі агітацыйныя пікеты ў агітацыйны перыяд, мы былі падвергнутыя адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафаў, якія ў нас склалі больш за 57 мінімальных заробкаў. Суд першай інстанцыі, які вынес прысуд, мы абскардзілі ў абласным судзе. Абласны суд не ўлічыў нашых інтарэсаў, хаця мы кіраваліся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі і Выбарчым Кодэксам.

– Мы дзейнічалі выключна ў рамках нормаў закону, таму мы будзем адстойваць свае правы да канца, у тым ліку ўжо падрыхтавалі дакуманты ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, – дадаў палітык.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце