Берасцейскія актывісты высунулі ўладам прапановы



Прапановы мясцовым уладам у межах грамадскага абмеркавання забудовы мікрараёна Паўднёва-Заходні накіравалі ў Берасці прадстаўнікі абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) разам з актывістамі кампаніі „Гавары Праўду”.

Мікрараён знаходзіцца на левым беразе ракі Мухавец, з аднаго боку з выхадам на Варшаўскую шашу, з іншага – на дарогу на ўкраінскі горад Ковель.

„Вывучылі ўсе нарматыўныя дакументы і параіліся з жыхарамі мікрараёна”, – кажа палітык Ігар Маслоўскі:

– Гэта вельмі вялікі мікрараён, да 2030 года плануецца, што там будуць жыць каля ста тысяч жыхароў Берасця – гэта фактычна трэцяя частка. Таму мы вельмі сур’ёзна падыйшлі да разгляду, да вывучэння таго плану, які быў прадстаўлены гарвыканкамам, і мы накіроўваем дзевяць пунктаў нашых прапаноў.

„Адной з першых і галоўных задач мы лічым пачатак будаўніцтва ўстаноў адукацыі – сярэдніх школ і дзіцячых садкоў у існуючых раёнах жылой забудовы”, – адзначыў Ігар Маслоўскі.

Таксама актывісты прапануюць пабудаваць аздараўленчы комплекс, спартова-аздараўленчыя вулічныя пляцоўкі, дзіцячую паліклініку, спецыяльныя месцы для выгула хатніх жывёлаў і г.д.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце