Берасцейскія блогеры Пятрухін і Кабанаў знаходзяцца ў менскім СІЗА № 1
Берасцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў знаходзяцца ў менскім СІЗА № 1, паведамляе праваабарончы сайт „Берасцейская вясна”.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Пятрухін і Кабанаў падазраюцца ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Гаворка ідзе пра падзеі 29 траўня ў Гародні, дзе праходзіў пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай — жонкі папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіцца пад вартай з-за абвінавачвання па тым жа артыкуле КК.
Атрымаць каментар у Следчым камітэце, які расследуе справу, БелаПАН не ўдалося.
На мінулым тыдні беларускія праваабаронцы прызналі Сяргея Пятрухіна палітвязнем.
belapan.by