Берасцейскія ІП прымуць удзел у маршы
Берасцейскія індывідуальныя прадпрымальнікі паедуць на марш прадпрымальнікаў, прызначаны на 14 сакавіка ў Менску. Такое рашэнне прынятае на праведзеным сёння ў Берасці сходзе з удзелам прыблізна 150 ІП, якія гандлявалі прадукцыяй легпрама на рынках і ў гандлёвых цэнтрах рэгіёну.
„Нас слухаюць, але не чуюць. Застаецца толькі адно: масавы выхад прадпрымальнікаў на марш. Іншага на сённяшні дзень я не бачу”, — заявіла індывідуальны прадпрымальнік член РГА „Перспектыва” Алена Кустус.
Удзельнікі сходу прынялі рашэнне да 14 сакавіка не выходзіць на працу.
У Берасці 1 студзеня прыпынілі працу 80% ІП, якія гандлююць нехарчовымі таварамі. На гэты час прыкладна 75% па-ранейшаму не працуюць. Аднавіць працу яны маюць намер толькі пасля адмены указаў №№ 222-га і 48.
Заяўку на правядзенне 14 сакавіка маршу прадпрымальнікаў падалі 23 лютага ў Менгарвыканкам старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка і экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце