Берасцейскія ІП зноў просяць дазвол на мірны сход
Берасцейскія прадпрымальнікі прасілі ва ўладаў дазволу на правядзенне мірнага сходу. Аднак атрымалі адмову. ІП у адказ напісалі чарговую заяву ў выканаўчы камітэт: яны хочуць выказацца пра фактычную забарону на працу. Пра гэта паведаміў старшыня Савета індывідуальных прадпрымальнікаў Варшаўскага рынка ў Берасці Андрэй Карняйчук:
— Мы не працуем, бо гэта ў такіх умовах проста немагчыма. Прычынай сталі ўказы №222 і №48 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Таму чакаем зменаў у заканадаўстве. Мы падаем чарговую заяўку на мітынг і звяртаемся ў гарадскі савет дэпутатаў, каб яны расказалі нам пра выкананую імі работу па падтрымцы малога бізнесу на тэрыторыі Берасця.
Прыгадаем, што гарадскія ўлады Берасця адмовілі прадпрымальнікам у правядзенні мітынгу 19-га лютага на той падставе, што не былі заключаны дамовы з міліцыяй, пажарнай службай і хуткай дапамогай. Цяпер прадпрымальнікі просяць дазвол на правядзенне мітынгу 4 сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: virtualbrest.by