Берасцейскія левыя накіравалі скаргу ў АБСЕ
Скаргу ў менскае прадстаўніцтва АБСЕ накіравала старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» Людміла Дзенісенка. Яна лічыць, што адмова ў правядзенні пікета з агітацыяй супраць беларускага прэзідэнта — парушэнне выбарчага заканадаўства:
— Мы падавалі заяўку на правядзенне пікета паводле арт. 45 Выбарчага кодэкса, дзе прадугледжаны перыяд агітацыі і прэзідэнцкай кампаніі. Гарвыканкам адмовіў нам на той падставе, што гэтае месца занятае і іншы заяўнік падаў заяўку на пікеты. Я звярнулася ў Цэнтральны камітэт партыі і мне сказалі, што гэтыя заяўкі і адказы я павінна даслаць у місію АБСЕ ў Менску, якая фіксуе парушэнні заканадаўства падчас прэзідэнцкай кампаніі.
Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў сябрам партыі ў правядзенні мерапрыемства ў цэнтры горада і спаслаўся на тое, што там ужо запланаваныя пікеты ў падтрымку Таццяны Караткевіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце