Берасцейскія міліцыянты не хочуць выбачацца перад ветэранам афганскай вайны
Берасцейскія міліцыянты не хочуць выбачацца перад ветэранам афганскай вайны, сябрам прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Аляксандрам Сахаруком за гвалтоўнае затрыманне 9 траўня мінулага году. Сахарук у святочнай калоне разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Яго груба высунулі з калоны і завезлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Затым кінулі на 29 гадзін у ізалятар часовага ўтрымання. Не паведамілі родным і на працу пра затрыманне, здзекаваліся з яго. Актывіст звярнуўся ў суд Ленінскага раёна па абарону свайго гонару і годнасці, патрабуючы выбачэнняў. Але міліцыянты для не бачаць падстаў выбачацца, кажа юрыст упраўлення ўнутраных спраў Берасцейскага аблвыканкама на судзе:
— Гэты сімвал часта выкарыстоўваюць нашы апазіцыянеры, мэта якіх звяржэнне канстытуцыйнага ладу. Апрача таго гэты сімвал выкарыстоўвалі прыслужнікі нямецка-фашысцкіх войск.
Аляксандр Сахарук не згодны з такімі довадамі. Для яго гістарычны бел-чырвона-белы сцяг – гэта шанаванне сваіх продкаў, якія абаранялі Вялікае Княства Літоўскае. Паводле Аляксандра Сахарука, бел-чырвона-белы сцяг не зарэгістраваны, але не забаронены ў выкарыстанні. Міліцыя была павінна гэта ведаць:
— Не было падстаў затрымліваць мяне на больш чым тры гадзіны і адпраўляць у падвал ІЧУ. Дагала раздзелі, знялі дзяржаўную узнагароду і прымусілі прысядаць. Ставяць да сцяны, рукі падымаеш, калі ты не згодны з чымсьці, дык супрацоўнікі з дубінамі могуць цябе паправіць.
Якое рашэнне вынесе суддзя Алена Карпава, стане вядома 19 лютага.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя