Берасцейскія мытнікі знайшлі ў аўтамабілі расейкі больш за 100 кг экстазі



 Берасцейскія мытнікі знайшлі ў схованках аўтамабіля расейкі больш за 100 кг псіхатропу экстазі.

Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт, 38-гадовая грамадзянка Расейскай Федэрацыі ехала з Польшчы праз пункт пропуску „Дамачава” на аўтамабілі Chrysler 2010 года выпуску, у якім былі схаваныя ад мытнага кантролю ўпакоўкі з псіхатропамі і наркотыкамі.

Расейка праходзіла па „чырвоным” калідоры, прадставіўшы да дэкларавання электрасамакат і падлогавы кандыцыянер. Аднак пры аглядзе аўтамабіля з выкарыстаннем інспекцыйна-надгляднага комплексу мытнікі выявілі ўтоены ад мытнага кантролю тавар. Пры правядзенні далейшага надгляду сумесна з супрацоўнікамі памежнай службы ў салоне і багажніку аўто выяўленыя спецыяльна зробленыя тайнікі, якія адкрываюцца з дапамогай электрамагнітнага замка.

Усяго з канструктыўных адсекаў дасталі 100 палімерных упаковак агульнай вагой больш за 100 кг, у якіх знаходзілася крышталічнае рэчыва бэжавага колеру, і тры палімерныя брыкеты са спрэсаваным рэчывам карычневага колеру вагой каля 550 г.

Хімічная экспертыза ўсталявала, што канфіскаваныя рэчывы — асабліва небяспечны псіхатроп МДМА (экстазі) і небяспечны наркатычны сродак гашыш.

Гэта самая буйная партыя псіхатропных рэчываў, выяўленых на мытнай мяжы за апошнія 25 гадоў, падкрэсліваюць у мытным ведамстве.

У дачыненні да грамадзянкі Расейскай Федэрацыі супрацоўнікамі Берасцейскай мытні распачатая крымінальная справа ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 321-1 КК Рэспублікі Беларусь. Грамадзянка затрыманая ў парадку арт. 108 КПК Рэспублікі Беларусь і змешчаная ў следчы ізалятар.

belapan.by